«Жанчыны ў калоніі разгружаюць тоны мяхоў бульбы ды садавіны. На сабе пераносяць будаўнічыя матэрыялы, мэблю і выконваюць рамонты»

Былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка паразмаўляў з былой зняволенай, якая нядаўна вызвалілася з гомельскай жаночай калоніі №4, пра ўмовы адбыцця пакарання. Жанчына выехала за межы Беларусі, але ж яе імя зменена ў мэтах бяспекі.

Быт у жаночай калоніі

Марына распавядае, што ў калоніі 20 атрадаў, але калі адкінуць атрады карантына, малалетак, рэабілітацыі, хворых на сухоты, жанчын з груднымі дзецьмі, ці матуль, як іх там ветліва завуць, атрымліваецца недзе 14 звычайных атрадаў. У кожным з іх у сярэднім да 120 жанчын.

Напрыклад, атрад №8 заняты на раскройцы, а ў гаспадарчы атрад №6 палітычных наогул не размяркоўваюць, бо ён лічыцца самым прэстыжным.

Але нумарацыя атрадаў мяняецца, ды і зняволеных, асабліва палітычных, часта кідаюць з атрада ў атрад, ствараючы праблемы ў падтрымцы і зносінах.

Палітзняволеных па атрадах размеркоўваюць такім чынам, каб іх было не больш дзесяці на атрад. Наогул, зараз у калоніі недзе 100-110 палітычных жанчын, якіх адміністрацыя пазначае біркамі жоўтага колеру. Атраднікамі ды кантралёрамі, як правіла, працуюць жанчыны, а вось апера ў жаночай калоніі ўсе мужчыны.

Па бытавых умовах больш-менш, у кранах заўсёды ёсць гарачая вада і гэта вялікі плюс! Спяць усе палітычныя на другім ярусе нараў, на першы ярус кладуць за малым выключэннем жанчын з жоўтымі біркамі ва ўзросце або якія маюць сур'ёзныя захворванні.

Камеры назірання усталяваны на кухні, прадолах, на «ленцы», дзе асуджаный глядзяць тэлевізар. У спальных секцыях камер няма, але калі прысядзешь днём на шконку, цябе тут жа здадуць.

Сямейнічаць палітычным катэгарычна забаронена, гэта парушэнне рэжыму, за якое ідзе пакаранне! Так што калі экстрэмісткі хочуць «сцяміць на дваіх», робіцца гэта цішком, каб ніхто не бачыў.

Марына кажа, як назірала, калі сумесна прыгатаваным тортом дзяўчыны частаваліся ва ўмывальніку. А так, ціхенька раскідваюць напалову і кожная есць асобна.

Зняволеная журналістка Ларыса Шчыракова

Ларысу адразу з каранціну паднялі ў атрад №17, які называўся «швейкай». Гэта значыць, што атрад працуе ў дзве змены якраз па пашыву зімовых куртак светла-плямістага колеру для ўнутраных войскаў. Іншымі словамі, увесь абслуговы персанал беларускіх турмаў, СІЗА ды калоній абшываецца зняволенымі жанчынамі.

Паводле Марыны, палітычных на добра аплачваны працэс, дзе можна зарабіць да 80-100 рублёў у месяц, не паставяць. Якраз Ларыса працавала на нязначным працэсе, на якім валтузні шмат, а грошай зарабіць практычна немагчыма.

Так і праходзіць жыццё зняволеных жанчын – тыдзень першая змена, тыдзень другая.

Атрад №17 люта «чырвоны», дзе звычайныя зняволеныя без сарамлівасці працуюць на операў, за пачак цыгарэт гатовы выканаць любое заданне або ўчыніць па іх замове супраць палітычных правакацыю.

Палітычных у атрадах недзе 7-8, яны заўсёды абавязаны ісці з атрадам у першых шарэнгах.

– Ларыса вельмі таварыская, размаўляе і ўступае ў камунікацыю з усімі, хоць я яе неаднаразова папярэджвала аб наступствах такіх зносін. Але яна адказвала, што атрымлівае ад такіх зносін цікавасць і задавальненне, відаць, адбіваецца яе журналісцкае мінулае, – кажа суразмоўца. – Вядома, што ў Ларысы было спатканне з блізкімі, але потым ёй дакладна кінулі два рапарты і, верагодна, спатканне наўрад ці яна больш атрымае.

Курыраваў яе атрад і цапляўся да палітычных па дробязях 30-гадовы опер Яраслаў Аляксеевіч Ганчароў, які ў званні старлея з'яўляўся адным з самых жорсткіх апероў.

Яшчэ пры мне Ларысу перавялі ў 9-ты атрад, які тая ж «швейка», але ж там больш за 20 рублёў на месяц не напрацуеш.

Харчаванне ў калоніі

Па словах экс-зняволенай, да ежы ў сталоўцы калоніі прывыкаюць хутка, бо ўсе асуджаныя праходзяць праз СІЗА, дзе якраз арганізм і перабудоўваецца з нармальнага харчавання на так званую баланду.

На сняданак звычайна каша, часцей аўсянка ці сечка (дроблены ячмень), звараныя на малаку, хлеб і салодкая гарбата. Тры разы на тыдзень вараная яйка і масла. Яшчэ раз на тыдзень даюць пельмені, але ж есці іх могуць не ўсе. Некаторыя мяса з цеста даставалі, каб з'есці з хлебам.

У абед давалі борш, звычайна з бураком ці капустай, хлеб, тушаную бульбу, макароны самага ніжэйшага гатунку, таксама кісель ці кампот.

На вячэру зноў жа бульба ці каша, часта з смажанай рыбай нізкіх гатункаў, напрыклад путасу. Зноў жа хлеб і салодкая гарбата.

Дарэчы, успамінае суразмоўца, бульбу ў сталоўцы чысцяць таксама асуджаныя, якіх з розных атрадаў накіроўваюць туды ў нарады. Пасля ручной чысткі 30-50 мехаў бульбы трэба было ісці яшчэ на фабрыку працаваць у другую змену.  

Акрамя чысткі бульбы зняволеных жанчын прыцягваюць і да выканання іншай бясплатнай працы. Жанчыны ў калоніі разгружаюць тоны мяхоў бульбы ды садавіны. На сабе пераносяць будаўнічыя матэрыялы (цэгла, пясок, бетонныя блокі), розную мэблю і выконваюць розныя рамонты — у тых месцах няма слабага полу.

Марына асобна падкрэслівае пра «інвентарную» працу, як яе называюць на мясцовым дыалекце. Сюды адносіцца ўборка тэрэторыі, асабліва перад прыездам розных праверак.

Калі мокра, жанчыны на плацу вымушаны разганяць рыдлеўкамі лужыны вады, да суха вымочваючы іх анучамі. Калі зіма, тады снег прыбіраюць, пераносячы яго ў мяхах далей ад вачэй.

Пра апероў

Оперу Аляксандру Мікалаевічу Кузняцову недзе каля 35 гадоў, ён быў у званні маёра. Курыраваў самыя жорскія па ўмовах атрады №9 і 18, у якія звычайна на так званае перавыхаванне кідалі вядомых палітычных.

Якраз ён актыўна прыдумляў новыя спосабы катаванняў зняволеных. Кажуць, зараз маёр не лютуе, бо перайшоў працаваць ДПНК (дзяжурным памошнікам начальніка калоніі).  

Яшчэ адным жорсткім операм быў 30-гадовы старшы лэйтэнант Яраслаў Аляксеевіч Ганчароў, які курыраваў і цапляўся да палітычных па дробязях у атрадах №17 і 19.

Што цікава, якраз загадчыцай гаспадаркі ў 17-тым атрадзе з'яўлялася 50-ці гадовая асуджаная за забойства Ганна Еўгеньеўна Скрэмінская, якая і дапамагала оперу Ганчарову ператварыць жыццё жанчын у атрадзе ў канцлагерныя ўмовы.

Амаль усе рапарты на палітычных з'яўлялісь з падачы заўгаса. За такое супрацоўніцтва аператыўнікі закрывалі вочы на некаторыя яе дзеянні.

Пра тату і жаночыя пракладкі

«Палажняковыя», як там іх называюць, гігіенічныя пракладкі жанчынам выдаюць па норме, якой ніколі не хапае. Звычайна гэта дзённыя пракладкі кітайская вытворчасці, якія не толькі не забяспечваюць належную абарону, але і выклікаюць нязручнасць і дыскамфорт.

А вось аб начных пракладках, якія выкарыстоўваюцца ў ляжачым палажэнні, там, відаць, ніколі не чулі. Гэта падштурхоўвае да адчування, што жыццё зняволеных не мае значэння. Нават простыя рэчы, якія неабходны кожнай жанчыне, тут ператвараюцца ў ганебную барацьбу. Таму і стараюцца зняволеныя атрымаць сродкі гігіены лепшай якасці, як правіла, ад сваякоў з волі.

Марына палічыла важным сказаць наконт татушак, ці «масцюхах», як іх называюць на мясцовым дыалекце. Аднойчы пайшла каманда праверыць «масцюхі» усіх зняволеных жанчын. І добра, калі тату набіта ў выглядзе кветак, чагосці нейтральнага, што не забарона. А вось у каго яны былі БЧБ, ці ўтрымлівалі нацыянальныя прыкметы – не пакідалі шансу на выбар, сілком прымушалі перабіваць.

– Ведаю, – працягвае Марына, – у адной зняволенай была каляровая тату ў выглядзе бела-чырвона-белага сцяга. І яе прымусілі забіць сцяг чорнай фарбаю! Жанчына вельмі востра і цяжка перажывае, таму што гэта рэальны фізічны гвалт. Яна адчувае сябе не толькі згвалтаванай, але і фізічна скалечанай.

І яна не адна такая, шмат «жоўтых» жанчын вызывалі на праверкі дзеля таго, каб перабіць на іх целе татуіроўкі, якія, па меркаванні апероў, не адпавядаюць дзяржаўнай ідыялогіі. Гэта спроба зламаць нават тое, што чалавек меў на сабе як апошнюю кроплю свабоды.

Лагерны ДМД (дом маці і дзяцяці)

Марына з сумам працягвае распавядаць пра цяжкую рэальнасць для зняволеных жанчын, якія нараджаюць за кратамі. Іх у калоніі ветліва называюць «матулямі», але гэтае «ветлівае» званне не можа скрыць таго жаху, што хаваецца за гэтым статусам.

Жанчына можа прыбыць у калонію ўжо цяжарнай, а можа і зацяжарыць на спатканнях — у любым выпадку, яе жыццё тут не стаіць на месцы.         Але самы жорсткі момант — гэта «дэкрэтны адпачынак», які ў калоніі складае ўсяго тры месяцы.

Пасля гэтага нават з малымі дзеткамі жанчыны вымушаны працаваць, як усе астатнія. І дазваляюць быць з дзецьмі толькі гадзіну ў дзень, каб карміць, калі ёсць мацярынскае малако.

У большасці выпадкаў малых хутка пераводзяць на штучнае кармленне, бо ў калоніі няма месца для сапраўднай маці і дзіцяці.

Пасля трох гадоў дзіця павінна быць перададзена родным, але калі такіх няма або яны адмаўляюцца, маленькія нованароджаныя проста адправяцца ў дзіцячыя дамы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(7)