«Тое, што з’яўляецца праблемай для беларускіх жанчын, — для шведак праблема 70-х гадоў»

Дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік распавяла, чаму фемінізм — таксама дэмакратычная каштоўнасць.

Беларусы ведаюць, што Лукашэнка, які любіць прадстаўляць сябе «жаночым прэзідэнтам», насамрэч адкрыты сэксіст. Гэта часта прарываецца ў яго выказваннях і ўчынках. Але ж праблема гендарнай роўнасці, з якой у Беларусі па фармальных паказчыках усё няблага, закранае не толькі чыноўнікаў, а ўсё грамадства.

Дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік тлумачыць, як гэта праяўляецца ў звычайным жыцці і чаму з гэтым трэба працаваць.

— Прыемна, калі мне робяць кампліменты. І прыемна, калі гэта робяць у дарэчных месцах, – зазначае Леся Руднік на канале Жыццё-маліна. – То-бок, калі мы знаходзімся ў нефармальнай абстаноўцы, не ў прафесійнай сферы, калі я хачу, каб мужчыны не звярталі ўвагу перадусім на маю знешнасць, таксама не хочацца прывязваць і іх прафесійную дзейнасць выключна да іх знешнасці.

Бывае, губляешся, таму што не хочацца крыўдзіць людзей, якія быццам хацелі сказаць добрае слова, не хочацца быць гістэрычнай у пэўным сэнсе. Але калі ты ідэнтыфікуеш сябе як феміністка, ты проста не можаш змаўчаць.

Ёсць шмат жанчын, якія яшчэ не ўмеюць абараняць сябе, свае межы. Альбо, можа быць, не вызначылі іх для сябе. Няма фемінізму, каторы функцыянуе сам па сабе, для ўсіх жанчын. Па-першае, ён існуе ў розных хвалях, па-другое, ёсць розныя яго прачытанні і разуменні.

Калі я назіраю за беларускай феміністычнай супольнасцю і за тым, што адбываецца ў Швецыі, — гэта абсалютна розныя рэчы. Тое, што з’яўляецца праблемай для беларускіх жанчын, — для шведак праблема 70-х гадоў. У лепшым выпадку, 90-х.

Шведкі не размаўляюць увогуле пра тыя ж кампліменты на працы, іх дарэчнасць. Гэта не прадмет для дыскусіі, бо проста не сустракаецца.  Не абмяркоўваецца ні ў якім выпадку 8 сакавіка, кветкі-не кветкі: ты альбо выходзіш са сцягам, далучаешся да маршу жанчын за свае правы і свабоды, альбо не далучаешся.

У Швецыі захоўваецца праблема згвалтаванняў, нават крыху расце — прынамсі, больш публічных кейсаў. Альбо жанчыны больш кажуць пра такія выпадкі, адпаведна, грамадства больш пра гэта чуе. Расце колькасць прысудаў, а самі прысуды робяцца больш жорсткімі.

Такі момант, як роўная аплата працы жанчын і мужчын, фарматы дыскрымінацыі, пытанне дэкрэтаў — гэта амаль не абмяркоўваецца, можа, зусім на мікраўзроўні. Мужчыны ідуць у дэкрэт таксама, як і жанчыны, і гэта больш не з’яўляецца дамінуючай праблемай для шведскага фемінізму.

Леся Руднік мяркуе, што феміністычную павестку не трэба прасоўваць заўжды і паўсюдна, у пэўных выпадках проста не выпадае траціць сілы:

— Калі перад табой чалавек-сцяна, ты проста выстаўляеш мяжу: больш мне так не кажы. Але не пачынаеш размову за фемінізм, не робіш для яго лекцыю, чаму так нельга з жанчынамі.

Хоць часам бывае дзіўна, калі людзі каментуюць зубы, валасы, што ў цябе як на твары. Зноў жа, параўноўваю са Швецыяй: там ёсць міністарка культуры з дрэдамі, і я не памятаю каментароў у медыя, кшталту «які жах».

У сацсетках, канешне, падобныя рэакцыі і каментары ёсць заўжды. І з гэтым нічога не зробіш: хацелася б, каб цябе слухалі, звярталі ўвагу на прафесійныя кампетэнцыі, а не на зубы — але окей, як ёсць.

Наколькі беларускія мужчыны-палітыкі гатовыя да супрацы з жанчынамі на роўных? На думку Лесі Руднік, пакуль не гатовыя:

— Заўсёды ёсць момант альбо дыстанцыянавання, калі цябе ставяць далей ад працэсаў (не кажуць прама, але ты счытваеш «дзякуй за ўдзел, далей мы вырашым самі»).

У мяне была сітуацыя, калі чалавек зрабіў заўвагу «бландзінкам пакуль што слова не давалі».

Такія рэчы я запамінаю і стараюся больш нічога з такімі людзьмі не рабіць, каб не біцца галавой у сцяну, а патраціць сваю энергію на больш разумныя, лепшыя справы.

Некаторым мужчынам, асабліва якія выраслі ў «традыцыйным» асяроддзі, патрыярхальнай культуры, бывае цяжка зразумець, як гэта працуе, як заставацца джэнтльменам і захаваць мяжу «фіфці-фіфці».

Іншыя проста баяцца, бо жанчыны рэальна ствараюць канкурэнцыю. Хоць калі б вы запыталі эканаміста Льва Львоўскага, ён патлумачыў бы, што ў эканамічным сэнсе  фемінізм выгодны і для мужчын, і для грамадства ў цэлым. Усім добра, калі грамадства больш-менш гендарна роўнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(7)