Экономика

Прычэпам за Расеяй. Як новае мыта Эўразьвязу на сельгаспрадукцыю і ўгнаеньні адаб’ецца на Беларусі

Эўракамісія прапанавала ўвесьці мыта на азотныя ўгнаеньні і сельскагаспадарчую прадукцыю зь Беларусі і Расеі. Радыё Свабода расказвае, ці шмат гэтай прадукцыі Беларусь раней прадавала ў ЭЗ і якія будуць наступствы такога кроку.

28 студзеня Эўракамісія агучыла прапанову ўвесьці мыта на шэраг сельскагаспадарчых тавараў зь Беларусі і Расеі, а таксама на азотныя ўгнаеньні.

Плянуецца, што новае мыта закране 15% сельскагаспадарчага імпарту з Расеі. Раней павышанае мыта на гэтыя тавары ня дзейнічала. Пасьля прыняцьця такога рашэньня ўвесь расейскі сельскагаспадарчы імпарт будзе абкладацца мытам ЭЗ, гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўракамісіі.

31 студзеня Эўракамісія зацьвердзіла прапанову аб новым памеры мыта. Напрыклад, па кодзе «ўгнаеньні мінэральныя або хімічныя, азотныя» з 1 ліпеня памер стаўкі, прывязаны да цаны прадукцыі, будзе 6,5% + €40 з тоны. Далей кожны год «накрутка» на тону прадукцыі будзе павялічвацца.

Як тлумачыць эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, пакуль незразумела, ці прымуць гэтую прапанову Эўракамісіі і ў якім выглядзе.

«Гэта не звычайная прапанова аб санкцыях, якія патрабуюць аднагалосься ўсіх 27 краін-сябраў ЭЗ. Гэтым разам гаворка пра гандлёвае рэгуляваньне, якое павінна атрымаць ухвалу як Эўрапейскага парлямэнту простай большасьцю галасоў, так і кваліфікаванай большасьцю сяброў-краін (55% краін, якія складаюць 65% насельніцтва ЭЗ)», — адзначае Юзьвяк.

Такая сытуацыя дае афіцыйным Менску і Маскве падставы для лабіяваньня сваіх інтарэсаў.

«З аднаго боку, гэта можа спрасьціць працэс, бо ніводная з краін ня зможа заблякаваць яго ў адзіночку. Зь іншага боку, сытуацыя ўскладняецца, бо цяпер уцягнутыя дзьве камісіі. Гэта павялічвае магчымасьці Масквы і Менску для лабіяваньня і зьмякчэньня прапаноў — асабліва праз магутнае сельскагаспадарчае лобі блёку», — дадае Юзьвяк.

З 1 ліпеня 2026-га мыта складзе ўжо €60, праз год — €80, а з 1 ліпеня 2028-га — ажно €315. Падобны мэханізм будзе прымяняцца і для іншых відаў гэтай прадукцыі.

Доля Беларусі невялікая

У дакумэнце Эўракамісіі як адно з тлумачэньняў увядзеньня мыта прыводзіцца статыстыка па закупах згаданых прадуктаў за 2023 год. У Расеі і Беларусі за ўвесь той год закупілі сельскагаспадарчай прадукцыі на 380 мільёнаў эўра, угнаеньняў — на 1,3 мільярда эўра.

Пры гэтым адзначаецца, што доля Беларусі ў гэтым імпарце невялікая: сельскагаспадарчых тавараў — на 92 мільёны эўра, угнаеньняў — на 29,6 мільёна эўра.

З 2022 году ЭЗ увёў санкцыі супраць беларускіх калійных угнаеньняў. Для іх эўрапейскі рынак страчаны. У дакумэнце адзначаецца, што Беларусь трапіла пад абмежаваньні за дапамогу Расеі ў агрэсіі супраць Украіны. Прычынай новых абмежаваньняў таксама названае жаданьне перадухіліць абыход мыта Расеяй празь Беларусь. Мытам ня будуць абкладацца тыя тавары гэтай катэгорыі, якія ідуць праз ЭЗ транзытам.

За мінулы год, са студзеня па лістапад, Эўразьвяз набыў у Беларусі ўгнаеньняў на 77,7 мільёна эўра, вынікае з статыстыкі Эўрастату. Закупы гэтага тавару зьніжаліся цягам усяго мінулага году: з 10,6 мільёнаў эўра ў студзені да 4,5 мільёна эўра ў лістападзе. Гэтая катэгорыя ўлічвае ўсе ўгнаеньні, ня толькі тыя, у дачыненьні да якіх уводзяцца мытныя абмежаваньні.

«Беларусь даўно ўжо страціла рынак угнаеньняў ЭЗ»

Паводле эканамісткі Алісы Рыжычэнкі, мыта хочуць увесьці яшчэ і таму, што ў Эўразьвязе цэны на гэтую прадукцыю вырасьлі, таму краінам ЭЗ важна зраўнаць цэны на зьнешнім і на ўнутраных рынках.

«Многія эўрапейскія вытворцы вымушаныя былі скараціць вытворчасьць угнаеньняў. ЭЗ хоча збалянсаваць гэтую сытуацыю, каб зраўнаць цэны на сваім унутраным і зьнешнім рынках. Найперш яны скіраваныя не на Беларусь, а на Расею. Беларусь даўно ўжо страціла эўрапейскі рынак калійных угнаеньняў», — кажа эканамістка.

Афіцыйныя асобы ЭЗ прызнаюць, што часта ня ўпэўненыя ў дакладным паходжаньні ўгнаеньняў з прычыны цесных эканамічных сувязяў паміж Менскам і Масквой, кажа Рыкард Юзьвяк.

Паводле яго, Брусэль так доўга пазьбягаў увядзеньня абмежаваньняў на ўгнаеньні дзеля эўрапейскіх фэрмэраў.

«Фэрмэры становяць надзвычай моцнае лобі шмат у якіх краінах ЭЗ і ў самім Брусэлі. Апошняе, чаго яны хочуць цяпер, — гэта рост выдаткаў. Расейскія і беларускія ўгнаеньні канкурэнтаздольныя дзякуючы таннаму газу ў гэтых краінах — найважнейшаму кампанэнту пры вытворчасьці угнаеньняў», — кажа Юзьвяк.

На Беларусь, паводле Алісы Рыжычэнкі, новыя абмежаваньні ад ЭЗ могуць паўплываць хіба што кароткатэрмінова.

«Угнаеньні прадаюцца кепска, вытворцы канстатуюць страты. Калі ў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі зьнізяцца аб’ёмы продажаў, то скароціцца аб’ём падатковых плацяжоў у бюджэт. Складанасьці ў лягістыцы, няхай і часовыя, перашкаджаюць прытоку замежнай валюты і адбіваюцца на курсе беларускага рубля», — дадае эканамістка.

Пры гэтым на рынку назіраецца рост цэнаў на калійныя ўгнаеньні. Пры скарачэньні аб’ёму продажаў даходы Беларуськалію за кошт павелічэньня цаны на сусьветным рынку могуць вырасьці, зважае Рыжычэнка.

«Беларусь уключылі ў гэты сьпіс, каб Расея не абыходзіла санкцыі празь беларускія кампаніі. Аднак трэба разумець, што ёсьць іншыя краіны, празь якія гэта магчыма. ЭЗ ня можа адсачыць усе парушэньні ў моманце. Гэтае мыта — найперш супраць Расеі», — зважае суразмоўца.

Паступовае ўвядзеньне новага мыта азначае, што Расея і Беларусь не адчуюць значных стратаў бліжэйшым часам. Калі вайна скончыцца або будзе замарожаная ўжо ў гэтым годзе, узьнікне пытаньне, ці ўвядуць гэтыя абмежаваньні наогул, адзначае Рыкард Юзьвяк. Ёсьць таксама імавернасьць, што імпартэры ЭЗ зробяць вялікія замовы зараз, пакуль цэны яшчэ ранейшыя, і будуць выкарыстоўваць іх пазьней.

З 2021 году беларускія афіцыйныя ведамствы публікуюць гандлёвую статыстыку ў скарочаным варыянце: бяз дадзеных па краінах і канкрэтных таварах. Паведамляецца, што за мінулы год экспарт склаў 40,3 мільярда даляраў (38,8 мільярда эўра).