Памёр Іосіф Навумчык: «Ён належаў да вельмі вузкага кола кіраўнікоў, якія мелі нацыянальную сьвядомасьць»
Публіцыст і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык паведаміў пра смерць свайго бацькі Іосіфа Навумчыка і падзяліўся ўспамінамі пра яго.
– Мы зь дзяцінства баімся страціць бацькоў, і нават калі з табой гэта здараецца ва ўжо сталым узросьце, немагчыма зьмірыцца з гэтай непазьбежнасьцю, – піша Сяргей Навумчык. – Бацька прыжыў 86 гадоў, і да апошніх дзён сачыў за падзеямі — і ў сьвеце, і ў Беларусі.
Увогуле, быў грамадзкі актыўным, таму і пішу гэтыя радкі, крыху схалястычна. Ён пасьпеў надыктаваць мне ўспаміны і ацэнкі сытуацыі ўнутры кіраўніцтва БССР апошняга савецкага дзесяцігодзьдзя, (больш гэтага ніхто не зрабіў, наколькі ведаю), я іх пачаў афармляць яшчэ пры ягоным жыцьці і абавязкова надрукую, яны рэальна каштоўныя для будучых гісторыкаў.
Папа належаў да вельмі вузкага кола кіраўнікоў, якія мелі тое, што сёньня мы называем нацыянальнай сьвядомасьцю. Вузкага нагэтулькі, што пералік іх імёнаў зьмесьцяцца ў два радкі, калі ўвогуле не адзін.
У 20-х, 30-х гадах і пазьней усё нацыянальнае ў сфэры эліты было вычашчана; у суседняй Літве гэты працэс пачаўся на адно пакаленьне пазьней — магчыма,таму там бразаўскасы і выйшлі на першыя афіцыйныя пазыцыі, і зрабілі тое, што мусілі зрабіць.
У гуманітарным сэнсе, ягоная бясспрэчная заслуга — выратаваньне тысячаў жыцьцяў, бо ў якасьці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэньне Гарбачова і Палітбюро вывесьці войскі з Афганістану.
У нацыянальным — спрыяньне беларускім пісьменьнікам, у прыватнасьці, пастаноўцы ў 70-я на сцэне коласаўскага тэатра п’есаў Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі», а таксама стварэньне цэлай сеткі арганізацый ТБМ на Віцебшчыне.
Таварыства беларускай мовы было сэнсам ягонага жыцьця апошніх дзесяцігодзьдзяў. Ён быў сузаснавальнікам (у 1989) ТБМ імя Скарыны, уваходзіў у яго кіраўніцтва, а пасьля выхаду на пэнсію 25 гадоў — чвэрць стагодзьдзя — узначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ.
Папрасіўся ў адстаўку толькі тады, калі ўжо ў літаральным сэнсе ногі не дазвалялі амаль штодзённа абыходзіць установы з просьбамі ды патрабаваньнямі, ды езьдзіць у раёны (але застаўся ганаровым старшынём аж да моманту ліквідацыі ТБМ).
На шчасьце, я пасьпеў сказаць бацькам, што практычна ўсім абавязаны ім. Ня ў тым сэнсе, што мне пашанціла быць сынам чалавека, які займаў усё больш высокія пасады. А а ў тым, што бацька выспавядаў каштоўнасьці, якія, як я цяпер разумею, перадаў нам зь сястрой.
Прывяду толькі адзін прыклад, ён патлумачыць, што я маю на ўвазе. Як сакратар абкома, ён, натуральна, меў усе адпаведныя статусу прывілеі — кватэру, службовыя аўтамабілі, службовую дачу і г.д. Але: пральная машына, якая была ў кожнай другой гарадзкой сям’і, ў нас зьявілася толькі ў сярэдзіне 80-х, калі нарадзіўся ягоны ўнук, мой пляменьнік Мікіта, і аб’ём сьціркі, ясна, павялічыўся.
Да гэтага ўсе гады мама сьцірала рукамі. На пральную машыну проста не было грошай. Так, у сакратара абкаму. А прычына простая: сярод прывілеяў была магчымасьць набываць кнігі па сьпісе т.зв. кніжнай экспедыцыі ЦК КПСС — любыя, якія выдаваліся на тэрыторыі СССР. І вось практычна ўсе грошы ішлі на кнігі.
Дома была сабраная вялізная бібліятэка. І мае ўспаміны пра папу зь дзяцінства — з кнігай (ці газэтай) у руках.
Вось гэта тое, што мне, на шчасьце (думаю, што ўсё ж на шчасьце) ад бацькоў перадалося: грошы ніколі не былі прыярытэтам. Ні тады, калі іх не было, ні тады, калі яны зьяўляліся. Так, кніга — лепшы падарунак)
А яшчэ — дома ў нас увесь час хтосьці гасьцяваў. Практычна штодзённа. Ён быў вельмі добрым, шчырым, адкрытым чалавекам. Бацька сябраваў і быў знаёмы з людзьмі самымі рознымі, рознымі і паводле статусу, і адносна палітычных пазыцый.
Вось некаторыя асобы, якіх ужо няма сярод жывых і якія адыгралі ў той ці іншай ступені ролю ў ягоным (а значыць, і ў маім) жыцьці, і пра якіх ён заўсёды прыгадваў з цеплынёй, і якія таксама ставіліся да яго, як я дакладна ведаю, добра: Пётр Машэраў (кіраўнік БССР), Сяргей Паўлаў (кіраўнік камсамола, адзін з паплечнікаў Хрушчова, які разгарнуў грамадзтва ад сталінскага тэрору), Юры Гагарын (першы касманаўт), нашыя пісьменьнікі — Генадзь Бураўкін (адзін з бліжэйшых ягоных сяброў), Уладзімер Караткевіч, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцебскія ягоныя калегі Сяргей Шабашоў і Аляксей Палейка.
Гэта тыя, якія ці былі ў нас дома, ці мы сь сястрой чулі пра іх зь дзяцінства не як пра пэрсанажаў газэтных публікацыяў, а як пра рэальных людзей, да якіх, што называецца, можна дакрануцца.
Цяпер, папа, на тым сьвеце ты зможаш зь імі пагаварыць пра ўсё тое, пра што вы не дагаварылі на сьвеце гэтым. Раней ці пазьней, і мне, спадзяюся, пашчасьціць далучыцца да вашых размоў.
***
Рэдакцыя «Салідарнасці» выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Іосіфа Адамавіча Навумчыка.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное