Магда: Лукашэнка пасля сканчэння вайны можа стаць крайнім

Украінскі палітолаг Яўген Магда – пра перашкоды для прыпынення баявых дзеянняў.

Дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда разважае, наколькі блізкія да рэчаіснасці планы ключавых палітычных гульцоў нарэшце зладзіць мірныя перамовы і скончыць вайну ва Украіне.

— Пуцін наогул не хоча мірных перамоў з Украінай, — падкрэсліў палітолаг на Еўрарадыё. — Яму сесці за адзін стол з Украінай — значыць, прызнаць у міжнародным сэнсе ўкраінскую дзяржаву роўнай Расіі. Перамовы ж мусяць весці роўныя паміж сабой бакі, інакш як?

А вось Уладзімір Зяленскі, дадае эксперт, не можа сабе дазволіць стаць у позу і публічна нагадаць крамлёўскаму правіцелю, як той неаднойчы называў Украіну «неіснуючай дзяржавай», і значыць, якія могуць быць перамовы.

— Інакш Захад тут жа спытае яго: ты што, хочаш далей кідаць у мясарубку Украіну?.. Відавочна, што чым далей ідзе вайна, тым болей гіне і церпіць людзей.

Я (выступаю) за тое, каб Украіна спачатку фарміравала ўнутраную і вонкавую еднасць. Бо ў нас выйшла як: пра план перамогі ўвосень мінулага году ўсім распавялі, а хто яго здзейсніць — незразумела.

Пры тым зазначу: у верасні 2024-га ва Украіне змяніліся 10 міністраў. Бачна толькі аднаго-двух з іх, што яны робяць, астатніх — я не бачу і нават прозвішчаў іх не помню. Разумееце, я як палітычны эксперт перастаў запамінаць прозвішчы міністраў, бо яны нічога не вырашаюць — у нас офісна-прэзідэнцкая рэспубліка.

Хоць насамрэч вайна не змяніла палітычны лад, і Украіна застаецца парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Але парламент яшчэ з 2019 года выбраў сабе «ікону» і моліцца на яе. Нават ухвалілі закон, паводле якога, калі правальваецца працэдура імпічменту, парламент мусіць выбачыцца перад прэзідэнтам…

Такім чынам, сітуацыя датычна будучых (і вельмі патэнцыйных) мірных перамоў выглядае амаль безвыходнай: Крэмль відавочна саступаць не хоча, а Украіну ніхто ні звонку, ні знутры таксама не можа вымусіць да саступак. Прынамсі, пакуль. Альбо ў адміністрацыі Трампа ўсё ж ёсць магчымасці?

— Яны могуць зрабіць нешта дэкаратыўнае, — мяркуе Яўген Магда. — Напрыклад, абмен палоннымі. З пункту гледжання вонкавага гледача — гэта супер, мы павінныя вярнуць усіх сваіх людзей дадому, і я таксама за гэта. Але.

Па-першае, ЗША зараз глядзяць, як гэта адбываецца зараз на Блізкім Усходзе, паміж ХАМАС і Ізраілем. Там абмен палоннымі — вельмі складаны працэс, пакрокавы, асцярожна, як праз  багну. І калі атрымаецца, яны будуць нацягваць такую самую схему на Украіну і Расію — у мяне сумневаў няма, што будуць шукаць нешта падобнае.

Далей, наконт палонных: гэта тысячы людзей, і некаторыя знаходзяцца ў палоне фактычна з самага пачатку ўторгнення, з вясны 2022 года. І вось уявіце, калі яны ўсе адразу вяртаюцца дадому, некалькі тысяч людзей, якія раз’язджаюцца па ўсёй краіне і распавядаюць пра тое, што перажылі ў палоне. Гэта ж трыгер!

На думку палітолага, у выніку складваецца цугцванг: кожны са згаданых крокаў рабіць неабходна, але па факце кожны з іх да мірных перамоў справу не наблізіць.

Магда лічыць:

Расійская дзяржаўная машына на сёння лепш гатовая да магчымых украінскіх выбараў, чым украінская. Тэлеграм-каналы з мільнёамі падпісчыкамі, у якія можна ўкінуць будзь-якую лухту — папросту, расійскія агенты ўплыву.

– Гэтак сама, як вылучыць белзіч кандыдатаў у прэзідэнты, у народныя дэпутаты, проста каб размыць працэс і ператварыць выбары, даруйце, у сабачае вяселле. Я ўпэўнены, што гэта цалкам магчыма.

Таму, кажа Яўген Магда, выбары, на якіх так настойвае амерыканская адміністрацыя, на самай справе выгадныя Пуціну — бо палітычная канкурэнцыя, «грызня» акурат разбурае тую еднасць, якую цягам амаль трох цяжкіх год паказвае ўкраінскае грамадства.

Тым больш, пытанняў да ўлады ў людзей назапасілася багата — і ў выпадку прыпынення баявых дзеянняў яны пачнуць гучаць усё грамчэй і набываць вастрыню. У той час як у Расіі, перакананы Магда, у адрозненне ад Германіі ў 1945 годзе, не будзе ніякага Нюрнбергскага працэсу, дэнацыфікацыі, раззбраення, наогул ніякай рэфлексіі.

— І нямала еўрапейскіх палітыкаў скажуць: ну і нічога, business as usual, мы за тое, каб з Расіяй гандляваць. Сыравіна ж у іх за гэты час не пагоршылася, так у чым праблема, давайце купляць газ і нафту. А ў Лукашэнкі — не будзем.

Лукашэнка ў такой сітуацыі, дарэчы, можа стаць крайнім. І хоць ён марыць апынуцца за сталом перамоў аб урэгуляванні расійска-украінскай вайны, але я не ўяўляю такой магчымасці — хіба, дзеншчыком у Пуціна?

Рэч у тым, што Беларусь для Расіі крытычна важлівая, і яе расійскія ўлады не аддадуць. Ім прасцей, умоўна, скінуць Лукашэнку як Мілошавіча і паставіць свайго чалавека, а ў дадзеных варунках гэта можа быць толькі яшчэ больш прарасійскі палітык.

Моцная прарасійская сіла ў выніку выбараў можа зноў паўстаць і ва Украіне, на жаль. На гэта ў РФ 100% ёсць разлік, каб у парламенце зноў з’явілася нейкая такая сіла, і інфармацыйна могуць і ўмеюць на гэта ўплываць.

Нам трэба фармуляваць месэдж: Расія — гэта імперыя, якая мусіць быць зруйнаваная. Усё, кропка. Інакш, нават калі цяпер прыпыніцца супрацьстаянне паміж Украінай і Расіяй і апошняя захаваецца ў сваім сённяшнім стане — ніхто ў Еўропе спакойна спаць не зможа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)